можа, гэта не натура, а проста іншае дачыненьне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабілі, адкінуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусім сьвядома вучыцца пачаў у Ўладзі. Той бязьлітасна кпіў з «усялякае мышы ў сваёй цеснай нары», жыў апошнія гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго браліся:
— Гэтакі ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкі ёсьць. У гады ўбіраешся, дык пара табе пра сябе падумаць. Паставіў-бы ты сабе хату, узяў-бы зямлі, меў-бы сваю сям’ю, як усякі чалавек…
— Няма зямлі, — аджартоўваецца ён.
— Мала?
— Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.
— Дзіўны хлопец, — гаварылі адыходзячы, — от усё жартамі абыходзіцца.
А пасьля хтосьці кінуў на людзі здагадку:
— Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.
— Вось гэта яно й ёсьць, — сказаў быў ён раз на гэта, сьмеючыся. — Хачу нічога не рабіць і добра жыць.
— От зноў жартуе!
А тым часам Уладзя вырас зусім, больш яшчэ пасталеў, больш зблізіўся з Андрэем. Стаў ён рослым і моцным, і хто ўспамінаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:
— От як выростае чалавек.