Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/117

Гэта старонка была вычытаная

Яны з Андрэем і ўзялі на сябе ўвесь той цяжкі клопат — арудаваць з людзьмі, з зямлёю, з дзікім хмызьняком, з трухлінаю старых хат… Колгас зрабілі ўвосень, калі рыхтаваліся сеяць жыта. І ўсе гады пасьля гэтага даводзілі яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзьлеску новы вялікі дом, туды перабіраліся патроху кожны год людзі і шмат хат ішло на знос. Цяпер гэта рабілася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:

— Увесь век гараваў, гараваў, зьбіраў па саломіне, і нават котла роднага адцурацца трэба.

Аднак ішлі, бо, шкадуючы чагосьці нявыразнага ў старым, пачыналі ўжо баяцца яго.

Гэтак вось і Аміля спахмурнела была, калі чарга прыйшла і да Андрэевае старой хаты:

— Мне ня шкода гэтых катухоў і пакут ранейшых, але так нешта, я й сама ня ведаю, што гэта.

Андрэй можа й зразумеў яе, але нічога сказаць ня мог іншага, як толькі:

— Гэта так з чалавекам бывае.

Але Ўладзя пасьля сам загаварыў пра гэта з Аміляю:

— Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасьць старая. Гэта, калі хочаш, дык рэшткі бушмараўшчыны, якія спрадвеку ўкараніліся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсьць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыцьцё, хоць цяжкае, пазнала…

— Тут я ўспамінаю пра ўсё, што было, тут паўміралі бацькі, тут…