Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/118

Гэта старонка была вычытаная

— Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкінем.

Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзілася яму і далёка выяжджаць адсюль, ён меў цікавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую імклівасьць, часта задумваўся і навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Аміляю:

— … Нам от можа й думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, і мы чагосьці шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калі вось усюды будзе поле вырабленае, калі згладзім мы з зямлі ўсе дзікія зараснікі, выкарчуем дзікія ўзьлескі — і жоравы тады пазводзяцца ў нас, ня будзе ім дзе тады вясьціся, і ня будуць тады яны курлыкаць увосень, ня будзем мы бачыць тады і чуць гэтага іх лёту ўвосень ці ўвясну. Нам, часам і шкада ці то якраз гэтага іхняга лёту, ці то чаго іншага разам з гэтым…

— Бо мы прывыклі да гэтага, — здагадалася ўсьмешкай Аміля.

— Прывыклі, з гэтым мы жылі, вырасталі. Гэта было разам у нас з уцехамі і з сьлязьмі.

Аміля думала і маўчала.

— … Я-ж ведаю, што прыйдзе штосьці новае, што будзе дзецям нашым ды й нам яшчэ такім, з чым нам таксама будзе ня лёгка адразу, каб прыйшлося, разлучыцца. Новы час нясе і ўсё новае. Толькі што яно ня будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкім, як было ўсё дагэтуль.