Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

Тады цалаваў князю ў калена (у руку цалавалі толькі самыя буйныя дзедзічы і маёнтаўскія фундатары) і йшоў адразу дадому, ніколі не застаючыся пагаварыць з людзьмі.

Малады ваўчок — Лявон быў ужо дарослы хлопец тады, калі памёр бацька, але яшчэ ў салдаты не папаў праз гады свае. Незадоўга да сьмерці, бацька колькі раз гаварыў яму:

— Ты, сынку, глядзі, каб не папасьціся адно ў войска. А калі вайна зацягнецца, дык і пагатоў пра гэта думай. Што-ж, я ўжо век свой пражыў, можа і ня будзе мяне хутка на сьвеце, дык думай сам. Калі прыдзе пара ісьці ў салдаты, дык напрамілуй бог старайся як-небудзь выкруціцца. Можа грошай трэба будзе паткнуць доктару, ці якому іншаму гаду, дык што-ж ты зробіш. — Трэба дык трэба! Я сам ня служыў, грашыма адкупіўся і нябожчык дзед твой ад рэкрутаў захаваўся: некалькі год засаб стуляўся, часамі, расказваў, цэлы тыдзень пралежыць, бывала, у хляве пад гноем; дык не канешне й табе ісьці служыць ліха ведае за што чорту лысаму.

А калі вайна была з палякамі, Лявону прышла ўжо была пара ісьці ў войска, але так усё ішлося, што ня лішне ён і клопату ўжываў каб ня ісьці — то адступленьні, то наступленьні, то прыхоўваўся крыху, так яно й сыходзіла. Толькі калі ўжо вайна канчалася, вышаў быў загад такі, што ўсім дызэртырам будзе даравана, калі ў тры дні самі зьявяцца. У Лявона, вядома, і ў думках ня было зьяўляцца, ды можа й ня чуў ён пра гэты загад, седзячы як воўк у сваёй лясной