Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/120

Гэта старонка была вычытаная

раіцца з ім, каб як гэта зноў ажаніцца. Брат параіў яму:

— Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы якая жонка.

Дык ён так заставаўся адным, ня могучы дабраць сабе жонкі. Да якой хутаранкі й сватаўся, дык ня лішне ўжо квапіліся йсьці за яго — слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылі пра яго ранейшае жыцьцё з двума жонкамі, што ён толькі адно думаць пачаў.

Тады, адразу пасьля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засьцігнуць дзе, ды прыбіць яе. Пасьля думка гэтая перайшла на Андрэя і на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калісьці варушыўся Вінцэнты. Толькі той лісьлівенька да кожнага падыходзіў, а гэты сваёй воўчай панурасьці ня траціў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: «Дарэмна я тады чуць не абязьвечыў Вінцэнтага і адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснікам мог-бы быць, каб паслухаў тады яго». Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамі нават перасільваць пачаў сваю ваўкаватасьць і даходжваць да тых хутароў, што засталіся яшчэ наводдалек. Але ўсё-ж там людзі ня мелі з ім адных інтарэсаў — там яны з колектывам змагаліся, але з «сваім», іншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблізу — меншы Вінцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену і асесьці на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ