Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга колгасаўца, ён гаварыў і пра нейкае парабкоўства ў кагосьці колгасаўцаў, і пра нейкую паншчыну, якая нейкім робіцца. Старэйшы брат усьміхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:
— Хто дужшы, той прутшы.
— Вось гэта й я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзеліцца невялікім гуртам…
Яны ўспаміналі бацьку, гаварылі пра Бушмара (хоць хутару яго больш не ўспаміналі).
Пасьля адзін раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вінцэнтавага сына і яго суседзяй. А праз тыдзень які ён зьявіўся да першага ад лесу колгасаўскага дома і пастукаў у акно. Выйшаў з дому другі Вінцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падаліся скрозь паўз лес і поле, ішлі паволі і гаварылі пошапкам. Зайшлі аж на Бушмараў хутар, а пасьля назад. З таго часу калі-ні-калі яшчэ заходзіў гэты колгасавец да Бушмара. Прыходзіў ужо сьмела і другі Вінцанцюк, а часамі й яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў аціраўся тут.
Раз Бушмар і з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўдні, сьвяціла сонца. Галена ішла з дзецьмі (сваім і двума Амілінымі) па новай грэблі за тым месцам, дзе калісьці была вёска. Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпыніўся, аж падаўся ад раптоўнасьці крыху назад. Галена яму нічога не сказала, хацела моўчкі прайсьці ў сваю дарогу, але ён