стаяў і глядзеў на яе. Тады яна, здэтэнаваўшыся, сказала:
— Дзяндобры.
Ён адказаў. І як яна пайшла далей, ён затрымаў яе:
— Пачакай.
— Чаго?
— Пачакай. Стой… Да мяне ня вернешся?
— Не.
— А можа падумаеш?
— Не… Ніколі.
І, памаўчаўшы:
— Каб ты здаў усю гаспадарку ў колгас, сам, з добраю ахвотаю, ды каб год колькі як чалавек пажыў у колгасе, каб зьмяніўся, каб нанава радзіўся, тады можа-б што й было. А так… Не, не!
Яна павяла дзяцей далей, а ён загукаў усьлед:
— Раней я з сьвету пазводжу вас усіх!..
Галена пайшла шпарчэй і чула яшчэ ўсё яго моцны шэпт:
— І сыны мае там у іх, бяз бацькі, без мяне…
— Хоць раз ты сваіх дзяцей успомніў, — гукала здалёк, абярнуўшыся да яго, Галена. — Які ты бацька, так ты й сыноў пры сабе маеш.
Тады Бушмар вярнуўся назад, адкуль ішоў, колькі раз азірнуўшыся на Галену. Колгасаўскія новыя будынкі весела залаціліся сонцам.