Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/128

Гэта старонка была вычытаная

да самага дальняга лесу, далёка за ўзгорак адзін бязьмежны палетак. Людзі чакаюць добрага ўраджаю.

Ужо зусім, можна сказаць, забудаваўся колгас. Усе ўжо за гэты год выбраліся пакрысе з сваіх даўнейшых хат. Але некаторыя хаты стаяць яшчэ — патроху іх разьбіраюць. Яшчэ ўзвышаюцца з жыта печышчы, пазарасталі яны крапівою і лопухам. Збоку дзе-нідзе пазацьвітаў нават калючы чартапалох. Зельле і трава буйна павыбіваліся з-пад парассыпанае бітае цэглы і гліны. Адтуль, з-пад лесу, дзе ліпіць некалькі хат-хутарцоў, прыходзяць часамі жанчыны рваць гэтае зельле і траву сваім каровам і сьвіньням: колгасаўцам шкада часу на гэтую карпаніну сярод патрушчанай цэглы. У іх наўмысьля дзеля летавых патрэб рунее загон зеляніны, тут-жа побач. Хутаранскія жанчыны, тыя самыя ранейшыя вяскоўкі, корпаюцца на печышчы паволі, маўчаць, а часам гавораць. Яны гавораць пра даўнейшае, пра цяперашняе, як хто жыве, як хто жыў. Успамінаюць дзядоў, бацькоў… Кожнае печышча нагадвае багатую гісторыю — там жылі, нараджаліся і ўміралі, сяк-так спрадвеку пражывалі век свой людзі. Некаторыя печышчы яшчэ ведалі часы войтаў, прыгонных нявольніцкіх сьлёз. Жанчыны як загаворацца, дык, разгінаючы сьпіны, стаяць, успамінаюць.

А дзень зіхаціць сонцам. Поле — жыта і ярына — зьвініць гарачаю цішынёю. Чуваць, як у ёй жыве шматлікае, але дзікае жыцьцё: нязьлічонасьць істо-