— Колькі дзяцей назьбіралася, — гаворыць жанчына. — Вунь там, усіх яны зьбіраюць разам.
Жанчыны выходзяць за жыта. Там шэсьць спрунжыновак скародзяць ральлю. Колгасаўскія коні памахваюць ад гарачыні галовамі, трасуць грывамі.
— Памажы, божа! — гукае жанчына здалёк.
— Няхай паможа, калі хоча! — адказвае чыйсьці там з іх голас.
Недалёка мяжа. Роўная, як струна, перарэзала поле, ад лесу і да лесу. Жанчыны мінаюць яе. Там скародзяць папар іхнія мужчыны. Бароны, з дзернавымі накладычамі, падскакваюць на ральлі.
Некалькі хат туляцца да хваёвае сьцяны лесу. Хвоі і ў ціхую бязьветраніцу роўна і спакойна шумяць.
VI
Андрэй сядзеў на жняяркавым сядле — даў коням перадыхнуць крыху. Сьпёка пачынала крыху спадаць. З полудню ён аджаў ужо доўгія гоні. Паўз лес пшаніца зьлягла, і той загон аджыналі жанкі сярпамі. Зьвінелі над пшаніцаю мошкі, трашчалі на іржышчы кавалі.
Андрэй заўважыў, як бегла напрамік цераз іржышча жанчына. Бегла як магла. Валасы растрапаліся. Яна штосьці гукнула жанкам, там не прыпынілася і рушыла далей да Андрэя. Андрэй раптам пачуў у сабе трывогу, саскочыў з жняяркі, яшчэ выправіў з хамутоў конскія грывы, адмахнуўся ад авадня і па-