Хлопцы больш не цьвялілі яго, але правялі яго аж да самае яго павароткі ў лес.
Каля таго, можна сказаць, часу, прыходзіў у колгас малодшы сын Вінцэнтага прасіцца, каб прынялі яго з усімі яго суседзьмі. Пачынаўся нейкі трывожны час тут. Малодшага Вінцанцюка выслухалі з асьцярогаю і выразна яму адразу нічога не сказалі. Некаторыя гатовы былі прыняць іх. На гэта падгаворваў усіх і Вінцанцюк старэйшы. Але больш галасоў было (Уладзя і Андрэй таксама), каб ня прымаць. У гэтым бачылі нейкую авантуру. Далі выразны адказ тады, як старэйшы Вінцанцюк раз дагаварыўся, што трэба ўзяць у колектыў Бушмара.
— А калі ён не захоча? — запыталі.
— Захоча. Усіх трэба колектывізаваць.
Тады сказалі Вінцанцюку малодшаму:
— Пачакаць крыху. Тады будзе відаць.
Яшчэ ўсе добра памяталі той нядаўні чуць ня бунт, што патрэбна падзяліцца ўсім і нават да дзялянак давесьці поле.
Спакойнае работы ўсё-ж ня было гэтымі часамі. Скрытая нейкая была трывога.
VII
У самым большым, крайнім ад лесу, доме было нешта з дзесяць кватэр. Было некалькі агульных пакояў, дзе, у вольны час, заўсёды шмат зьбіралася людзей. Гэты дом пабудаваны быў сама пазьней і яшчэ ня ўсё было ў ім скончана. Там гэта жыў