Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/136

Гэта старонка была вычытаная

— Два за мною, і нікога больш!

Дом ужо гарэў увесь. Страха ўпала. Трашчалі сьцены. Натоўп выдзеліў у сябе двух чалавек — само гэта зрабілася, з маўклівае несьвядомае згоды. Паўз нязжатыя аўсы памчаліся яны пад гумны.

Хоць-бы жывая душа была дзе тут! Шум пажару грозна дакочваўся сюды, але сьвятло не дайходзіла з-за сьцен і дрэваў. Змрочна было на агародах. Тры гумны стаялі ў самых аўсох. Адно было поўна пшаніцаю й жытам, два яшчэ пуставалі да ярыны…

… Але натоўп ня вытрымаў больш каля агню: ужо чуўся стук і шорганьне ног, гул. Андрэй кінуўся, як наўцёкі ўсё роўна. Андрэй махнуў рукою налева ад гумен, і мужчыны кінуліся туды. Сам ён забег з правага боку і ўпаў у авёс, пачаў паўзьці.

Рабілася ўсё гэта ну мо’ хвіліны тры, найбольш. Нікога за гумнамі ня было відаць. Натоўп гуў дзесьці і трымаўся пакуль на той бок гумен. Прайшло яшчэ колькі найкаротшых момантаў. Раптам ад гуменнай сьцяны аддзялілася высокая постаць. Страха ў сярэднім поўным гумне з гонты была, і чалавек штосьці раздумваў. Раптам ён нагнуўся, лёг на зямлю. Туды з-пад варот цяглася непадгрэбеная салома.

Але натоўп з таго боку быў ужо тут. Страшны гул трос цішыню. Дык чалавек штосьці там сьпяшаўся рабіць. Раптам ён пачуў мусіць, што нічога ня ўспее. Паўзком шмыгануў ён упоперак цераз дарогу ў ярыну. Але там трох чалавек устала перад ім, з левага боку гумен і тут, каля яго адзін. Бушмар падаўся задам да гуменнай сьцяны, выцягнуўшы шыю,