выпрастаўшыся на ўвесь рост свой, адыходзіўся ўсё задам. А адтуль ужо хлынула бурная паводка людзей.
VIII
У той дзень Бушмара бачылі на полі. Ён вазіў з наймічкаю і з пастушком сваім снапы. Апошні воз браў ён позна, калі ўжо на колгасаўскім полі даўно нікога ня было. Узяўся ён за сваю вячорную брыдкую работу позьнім ужо вечарам.
Ён цяпер азіраўся па бакох, як злоўлены воўк.
— Гэта ён! — заенчыў натоўп.
— Гэта ён!
— Гэта ён!
Людзкое мора рынулася на яго.
— Жывога на кавалкі разарваць!
— Духі з яго дастаць!
— Бі яго!
— Бі!
— Цягні, цягні!
Бушмар прытуліўся да гуменнай сьцяны і калаціўся ўвесь ад нялюдзкае ўзбуджанасьці і роспачы. Вось ён раптам ва ўвесь дух рвануўся, думаючы, мусіць, прабіцца праз жывую сьцяну. Тут-жа яго хтосьці пхнуў, аж ён ляснуўся плячыма вобземлю. Тут на яго і лінулася людзкая бура.
Але каля яго арудаваў ужо Ўладзя. Ён кінуўся ў самую гушчыню натоўпу і размахнуў рукамі. Хтосьці