Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/140

Гэта старонка была вычытаная

Яна цяпер як-бы расцвіла ўся ад трывожнае ўзбуджанасьці. Малая постацьцю, з маладым бляскам вачэй, яна выглядала як дзяўчынка.

Бушмар азіраўся.

— Зьвязаць яго.

— У суд!

Ён ужо не бараніўся. Ня было карысьці. Зірк яго ўпаў туды, дзе людзей радзей было. Там Галена трымала на руках дзіцянё. Другое, Аміліна, трымалася за яе, напалоханае, сплаканае. Вось туды падыйшла і Аміля. Ён адвярнуўся.

Андрэй заўважыў: нейкае падабенства у Вінцанцюка зьявілася цяпер да нябожчыка бацькі. Вінцанцюк выў сьлязьмі.


IX

Цэлую ноч быў неспакой у колгасе. Пажарышча курэла да самага раньня. Змучаныя гэтакаю трывогаю пасьля дзеннае працы, людзі пад дзень разыходзіліся адпачываць.

Ужо бялела тады неба на ўсходзе. Запахла з поля здароўем расы. Поле драмала, лясы маўчалі.

Праходзячы паўз пажарышча дадому, Андрэй спыніўся. Глядзеў, як пусьцела навокал ад людзей, і толькі вартавыя хадзілі ля пажарышча. Ён увайшоў у хату. Там Галена стаяла над дзецьмі — яны ўсе як пазьбіраліся разам у трывозе, гэтак і паснулі. Жонка яго стаяла ля стала і маўчала. І ўсе яны не гаварылі, чуючы і так, без слоў адно аднаго.

За вокнамі ціха было.