Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/141

Гэта старонка была вычытаная

Там Ўладзя хадзіў яшчэ па двары. Узбуджанасьць гнала ад яго ўсялякую ўтому. Ён стаяў з вартаўнікамі, так хадзіў. Пасьля падаўся ён да Андрэевае кватэры — пераспаць да раніцы. Ля ганка, дзе дубы (лесавыя пасланцы ў поле) застылі ў перадранішняй дрымоце, цямнела ў водбліску неба чалавечая постаць.

— Аміля! — пазнаў ён.

Яна маўкліва глянула на яго.

— Што думаеш?

Яна адказала не адразу:

— Так… Нічога ня думаю… І пра ўсё думаю… думаецца…

Пасьля яшчэ:

— Як даўней усё…

— Што?

— Жылося…

Яна ня скончыла свае думкі, чамусьці ўсьміхнулася і глянула ціха і спакойна на яго. Вочы яе чуліся ў змроку і голас усё меў у сабе сьляды трывожнай зьнерваванасьці:

— А ты адзін ходзіш… чаго?..

Але ён нічога не адказваў. Ён узяў яе за руку, другую яна сама працягнула яму.

— Родная… ты…

Яны пайшлі да Андрэя, несучы ў сабе радасьць сваёй новай блізкасьці.

Назаўтра зноў позьняе лета зіхацела сонцам. Дзень быў капатлівым, гарачым. Надвечар меўся адбыцца сход. Сход зьбіраўся быць бурным і доўгім.