Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Зьвярыная трывога ўкалола яго, Ён, як з помстаю, да болі сьціснуў яе пальцы; яна аж закрычала ціха. Ён сьціснуў руку ёй яшчэ мацней.

— Бяжы — як бура дыхнуў ён.

І сам пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Як на тое ўсё роўна йшлося. З паўдарогі ён вярнуўся ў вуліцу і прыпыніўся каля знаёмае хаты. Праз вакно ён убачыў як Аміля стаяла ля стала і моцна сьмяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара і ўбачыў з другога боку стала паляка з афіцэрскімі нашыўкамі на зялёным салдацкім сурдуце. Бушмаравы вочы ў той-жа момант зажмурыліся, губы сьціснуліся.

Па вуліцы хадзіла колькі жаўнераў. З сваімі польскімі няспрытнымі жартамі, яны зазіралі ў вокны, дзе былі дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменьне і сеў на бярвеньнях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалі дзьверы і дзьве постаці пайшлі паволі на вуліцу. Бушмар краўся сьледам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскімі жартамі, а Аміля, як шамкамі, зьвінела вясёлым сьмехам і пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:

— Цепер позна…

— Панна муві «цепер» — хо-хо!

Паляк сам рагатаў і ўсё трымаў за руку Амілію. Бушмар сьледам за імі вышаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу і краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкі. Тут яму зноў прышлося прыпыніцца і стаць пад дрэвам. Паляк доўга трымаў Амілю, пасьля павёў назад у вуліцу. Яна ўсё