Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

— Дык я пайшла ўжо, заўтра на сьвітаньні прыду, — моцна гаворыць яна тое, што й кожны дзень у гэтую самую пору.

Але чамусьці яшчэ марудзіць. Яшчэ нагнулася паправіць у чаравіку шнурок. Шнурок нешта завязваецца доўга, раптам рвецца і яго трэба зьвязаць. Ідзе жанчына паволі, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як-бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зірк.

Яна йдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома і веснавая цьвіль. Тут жанчына пайшла шпарчэй. Але чалавек выбягае на ганак і моцна заве сабаку.

— Галас, Галас!

Жанчын бачыць здалёк, як цераз двор імчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзіць з ганку. Яна прыпыняецца і глядзіць: а можа там здарылася што, яна-ж тут ўсю гаспадыніну работу адна парабляе, можа чаго й не дагледзела.

Чалавек-жа адагнаў ужо ад сябе сабаку і йдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмі павольна паварочваецца да дарогі і йдзе сабе: яна-ж ужо разьвіталася — сказала што пайшла.

За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азірнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю непераможнаю, пакутнаю і страшнаю радасьцю пайшла шпарчэй, штосьці бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. І тады-ж пачула, як схапіла яе тая чужая бура. Бушмаравы рукі ўзьнялі яе высока, пад зьвярыным дыхам яго валасы з-пад хусткі казлытнулі твар. Слабасьць і раптоўны ўздым страсянулі яе. Разам з тым ласкавая хітрасьць прайшла па твары яе: