Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Той пайшоў далей ад дарогі, набраўшы з зямлі пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпыніліся ля дарогі.

З лесу, з-пад Бушмаравае сялібы вышла Аміля. Яна йшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсьці ёй насустрач, але пад цікаўнымі і хітрымі позіркамі мужчын застаўся.

Аміля падышла да яго адразу.

— Чаму Бушмар сам ня прышоў? — запыталася колькі галасоў разам.

Аміля адказала аднаму толькі брату:

— Ня прыдзе… Мяне прыслаў… Што тут хаця робіцца…

Яна спусьціла рукі й стаяла з сухой заклапочанасьцю. Глядзела на ўсю работу.

— Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа; а пасьля сьмяртэльнае крыўды не абярэшся, — загаманілі некаторыя мужчыны.

— Каб тут каморніка ня было, можа-б і прышоў, — засьмяяўся Амілін брат. — Што, невядома як яму цяжка з начальствам гаварыць?

Аміля бездапаможна глянула на брата. Той падступіў да яе бліжэй. Мужчыны заварушыліся па полі.

— Думаеш кідаць служыць? — запытаў брат ціха, адводзячы сястру ўбок.

Аміля паціснула плячуком і апусьціла вочы. Скрытнасьць цяпер удалася ёй.

— Кідай! што гэта не ўгаварыць цябе ніяк! І тады вырвалася з хаты ліха ведае чаго, як-бы ня можа памеркавацца разам. Гэта-ж ня вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробім. Кідай, годзе табе лі-