пець за наймічку. Чаму ты паслухаць мяне ня хочаш? Чаго ты баішся, што ў хаце цесна і хлеба можа не хапіць? Не прападзем! Будзем разам рабіць, разам жыць… Гэтак табе трэба было і адразу ісьці за наймічку! Што-ж не паслухала! Кідай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакі. Раніцою мароз быў.
Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле і пайшла назад. Брат паглядзеў ёй ў сьлед, нахмурыўся.
— Можа яна крыўдзіцца чаго, — зьявіўся раптам з боку Вінцэнты.
Амілін брат не захацеў з ім гаварыць. Вінцэнты, як зьнячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапаціўся вельмі каля тычак.
VII
За лесам насядала на сялібу вясковае поле. Арудаваў там Андрэй — Амілін брат, праціўны Бушмару чалавек. Бушмар і ніколі ня меў з ім сталае гаворкі (хіба бывала трэба было пагаварыць крыху ўвайшоўшы ў хату да Амілі), а цяпер і пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амілю, што Андрэй сіберна заеўся на Вінцэнтага за ўсялякія там справы, што Вінцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вінцэнтага ў хаце нелады нейкія… Аміля кожны дзень пад-вечар даведвалася да свайго дзіцяці, доўга ня бавілася там, у Андрэя — цяпер ўжо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою-жа самаю ціхаю, прывабна, па-жаноцку пакорліваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзіла Бушмара ў хаце, зазірала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.