здорава — ён у сьвята заўсёды ў ёй. Колер твару яго дзіўна падобны да колеру гэтае вопраткі.
З Бушмарам ён — так сабе, ні вораг ні прыяцель. Трохі дружыў з Лявонавым бацькам, але як дружыў! — разам палавічных пчол разводзілі, пакуль не заеліся адзін на аднаго за мёд. А з маладым Бушмарам Вінцэнтаму пакуль што ня здарылася за што пасварыцца.
І от у нядзелю, калі Бушмар рыхтаваўся сьнедаць, прышоў да яго Вінцэнты. Ён колькі часу стаяў за Бушмараваю брамаю і разглядаў Бушмараву ярыну.
— А-а-а, як-жа авёс пайшоў, аж сінее, — енчыў Вінцэнты, з нейкае пакутнае зайздрасьці.
— Шалее твой авёс, дзяндобры, жэгнай божа, — сказаў ён, калі пралез цераз парог у хату.
Бушмар бачыў яшчэ яго праз вакно за брамаю. І буркнуў быў сабе пад нос:
— Ці ня сюды яго няшчасьце гоніць.
— Добры дзень, проша на сьняданьне, — прывітаў ён госьця.
Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў калі Бушмар скончыць сьнедаць і калі адыдзецца ад стала Аміля.
— Я прышоў да цябе, — загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.
Бушмар як-бы пачуў што трывожнае, маўчаў і нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вінцэнтага па дварэ. Вінцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсьмешкі і нават сказаў жарты: