— Хамскага горла ніколі ня ўтхланіш.
— Дык што-ж рабіць?
— Я-ж табе гавару што.
— Пачакаем крыху, будзе відаць. Калі што якое…
— Позна будзе чакаць. Да восені, калі пачакаем, дык там і аман будзе на ўсё.
Бушмар ня ведаў, што рабіць і што думаць.
IX
Вінцэнты прыходзіў яшчэ раз, але Бушмар упарта не хацеў яго слухаць. Вінцэнты ўгаворваў яго:
— Гэта ня прыперла табе яшчэ бяда, дык ты атрэпаеш рук. А пачакай, што ўвосень будзе.
— Ня ўсё роўна мне! Ці сьціснуць мяне, ці з кім я за адным катлом буду ні госьць ні гаспадар. Няхай што хочуць, то і робяць, а за адзін кацёл я ні з кім ня сяду.
Вінцэнты тады пакінуў хадзіць да Бушмара. Бушмар пачаў задумоўвацца.
Вясна ўжо зусім увабралася ў сілу і паддавацца пачала лету. Рыхтаваліся да сенажаці; буялі аўсы і ячмені, адкрасоўвала жыта.
Аміля тады стала больш сумнаю, як калі раней была. Яна ціха корпалася з цямна да цямна за сваёю работаю, сам Бушмар ніколі ў хаце ня прыпыняўся — ледзьве ўхапіў управіць адзін веснавое поле.
Адзін раз у яго сялібе была пакутная ноч.
Надвечар яшчэ ён заўважыў, што Аміля як-бы рвецца штосьці сказаць яму. Яна падыходзіла да яго