колькі разоў, зазірала ў вочы, а ён быў утомленым з поля, тупаў па хаце. Яны павячэралі моўчкі, толькі яна сказала разы са два, штосьці няцікавае ні ёй, ні яму. Ён адказваў вяла, нехаця, як і заўсёды. Аміля ведала ўжо добра гэтую яго натуру, ніколі не зважала на гэта. Пасьля-ж ужо ўсяе хатняе ўпраўкі, калі ён разьдзяваўся класьціся спаць, яна падышла да яго. Паглядзела на яго з дакорам, просьбаю, замілаваньнем, паслушэнствам, села каля яго і сказала тое, ад чаго ён падняў вочы, але з твару не зьмяніўся:
— Ад мяне?
— А ад каго-ж яшчэ.
— А можа ад каго іншага?
— Лявонка?!
Ён маўчаў. Яна падсела яшчэ бліжэй; зазірнула яму ў вочы, прыпёрлася галавою да пляча. Яна гаварыла хутка, выказвала ўсё, што сабралася за ўсю вясну, але што было дагэтуль цяжка выказаць Бушмару:
— … Мы тады й малога майго забярэм сюды. Добра, Лявонка? Ён неўзабаве падрасьце, дык і помач ад яго гатовая будзе. Ты, Лявонка, запішыся са мною, ці павянчайся — трэба зрабіць што-небудзь, ці скажы мне пэўнае слова, дык я тады спакойнаю буду. А ня хочаш можа вянчацца, ці запісвацца, дык я так магу быць, адно каб ты мне сказаў напэўна, што я твая жонка. Можна й так, калі хочаш, людзі цяпер усякся жывуць…
Ён устаў падкруціць у лямпе агонь. Яна чакала, сядзела ўсё. Ёй здалося, што ён стаў тады такім, якім яна яго жадала сабе — ласкавым, добрым. Ён сеў по-