лася. Ён зноў лёг, штучна пакашляў і моцна ў голас уздыхнуў.
— Лявон, — пачуў ён голас з двара.
І магло-б стаць яму самому дзіўна, каб адно ён мог раздумаць пра гэта: ён самымі пачаткамі адчуваньняў сваіх узрадаваўся гэтаму голасу. У той-жа момант, як у гарачыню піць, прагнуць ён стаў гэтага слова, каб хоць раз яшчэ яна гэтак сказала.
— Ты на дварэ, — абазваўся ён.
Аміля прышла на яго голас.
— Мне страшна аднэй… Ты мяне пакінуў там адну… Ты мяне зьнявідзеў, я табе непатрэбна больш, я ведаю, я ведаю… Праўда, Лявон? Скажы, ці праўда? Скажы… скажы…
— Хадзі сюды, — падаў ён голас.
— Скажы, якая я для цябе?
— Сядзь.
Ён пачуў, што яна плача, што яна не асьмельваецца ўжо сесьці блізка да яго. Ён прагнуў яе ранейшага, нядаўняга слова, дзе ня было ні папроку, ні сьлёз, а толькі пакорлівасьць — гатовае да ўсяго дзеля яго жанчыны. Абое маўчалі доўга.
— Лявон…
Цяпер ён працягнуў руку, падцягнуў яе да сябе.
— Скажы.
Як у бяспамяцтве, ён прыціснуў да сябе яе галаву. Яна плакала ўжо ціхім, бяздумнымі сьлязьмі, выпрошвала ў яго слова:
— Скажы, ну скажы, Лявонка, якая я табе?.. Ты мяне зьнявідзеў…Завошта… чаму ты?..