пра тое, за што стары Вінцэнты назваў быў яго ў Бушмара гадам.
Людзі ня любілі Бушмара, і ён ня любіў людзей. Ён быў зьвераваты з натуры свае, і яшчэ з бацькам жывучы, прывык адмяжоўвацца заўсёды ад усіх.
Ужо ў тую ноч, калі варочаўся Бушмар дадому з войска, ён, ступіўшы на сваю зямлю, адчуў быў сумную трывогу. Але пасьля гэта прайшло, ён як-бы ня заўважаў ці стараўся ня заўважаць таго, што навокал яго рабілася.
Але ў глыбіні яго душы з гэтага расло страшнае пачуцьцё. Можа яно павялічвалася з таго, што гэтак неспадзявана і гэтакаю блізкаю стала да яго Андрэева сястра. Аміля сама заўважала гэта і гэта яе мучыла. Яна не магла дзеля Бушмара сцурацца брата — там было ўсё роднае, з малых дзён блізкае і знаёмае. Там было і праходзіла ўсё, чым поўнілася аж дагэтуль жыцьцё. Там былі і радасьці і гора. Таму ва ўсе цяперашнія горкія хвіліны свае, яна заўсёды была там. І да Бушмара-ж яна была прывязана вялікаю і страшнаю цяпер для яе прычынаю. Яна цяпер пакутвала страшна. Ёй хацелася расказаць каму пра гэта. Але каму? А Бушмар? У наступныя-ж дні пасьля тэй шалёнай ночы, Аміля зноў стала ад яго плакаць. Ён рабіўся больш усё жорсткім, хоць часамі находзіла на яго нейкае прасьвятленьне. Аднак-жа гэта было толькі слабая праява чалавечага пачуцьця, якое і ў яго недзе драмала. Аміля бачыла — гэта ня ёсьць блізасьць яго да яе, блізасьць таго Лявона, які ў першыя дні быў для яе ўсім.