Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/64

Гэта старонка была вычытаная

РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ

I

Вінцэнты ніколі не ўспамінаў ужо сваіх дзяцей ад першае жонкі — яны даўно рассыпаліся па сьвеце. Ад другое жонкі былі два сыны. Праз колькі ўжо год яны сварыліся — ніяк не маглі выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзяліцца было нельга. Жывучы пры іх, Вінцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калі. А ўсім гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лішне чаго — ён іх пагадаваў, а цяпер яны павінны яго дагледзець і больш ён нічога да іх ня мае.

Багатым лішне Вінцэнты ніколі ня быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькі сьмяяўся бывала, што той хоць і заможны, але страціў з выгляду ўсю сваю шляхэтнасьць, забыўся мусіць на сваю радавітасьць і ня знаўся з выдатнымі арандатарамі і панамі. Сам-жа Вінцэнты з панамі знаўся гэтак: чакаў бывала ў нядзелю ля касьцёлу пры панскіх фаятонах, пакуль ня выйдзе з касьцёлу знаёмы пан. Панскія фурманы пакеплівалі з яго, а ён зьняважліва, моўчкі адно паглядаў на іх з вышыні свайго шляхотнага гонару. Як выходзіў да фаятону знаёмы пан, Вінцэнты далікатна вітаўся. Пакуль лёкай зашпільваў на