Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/66

Гэта старонка была вычытаная

панабіралі зямлі і лесу. Андрэй рабіў «выгадную справу», і каб на гэтым справа гэтая спынілася, лепшага нічога й ня трэба было-б. Цяпер паны ўжо могуць і не варочацца, можна, калі на тое пайшлося, і бяз іх пражываць на сьвеце, абы толькі ўсё як мае быць усталявалася; абы паўрасталі як мае быць новыя межы. Вінцэнтаму вялікай работы ня было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў — мяжу хлопцы зрабілі шырокую, нават яна ўжо дзірваном пачала ўростаць. І Вінцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзічак: «няхай урастаюць — і мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, і ў сьпёку адпачыць добра на сваім полі, пад сваёю дзічкаю». А пасьля і над дзічкамі гэтымі, і над мяжою пачала навісаць хмара. Тады Вінцэнты лішні раз упэўніўся, што гады гадамі застануцца вечна і з імі таму, хто ня гад, ня выжыць разам.

З таго часу, як Вінцэнты прыходзіў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два ці тры разы прыходзіла і праходзіла восень. І як сьнег закідаў зямлю, сьціхалі і ўсялякія трывожныя гаворкі, і ўсё зімавала спакойна. Дзічкі на мяжы пачалі ўжо як мае быць убірацца ў сілу, але гэтая восень была самаю трывожнаю і гаворкі былі самымі пэўнымі.

Восень даўно запанавала ў полі. Лес загуў мацней і трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымі прасторамі тхнула з лесу. Поле сінела пад рухавым ветраным небам.

Вецер імчаўся полем.