— Во-о-он! — раптам крычыць Галена. — Вон!.. Вон!..
Вінцэнты чакаў усяго, толькі ня гэтага. Ён нават не разумее спачатку. Адступае назад і глядзіць на Галену.
— Каб больш я цябе тут ня бачыла!
Вінцэнты ўпірае ў зямлю кій: няўжо ўсё гэтак па-дурному скончыцца? Гэтулькі прапала думак і хатніх нарадаў? Ён ужо глядзіць у зямлю. Жанчына закрычала:
— Галас, Галас!
Аднекуль зьяўляецца сабака. Жанчына кінула галавою на старога. Галас пачаў браць яго. Стары замахаў навокал сябе кіем. Сабака стаў зьверам. Стары пайшоў задам да брамы, адмахваючыся ад сабакі.
— Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта-ж ты ўсадзіў яго!
— Бушмара? Я! — урачыста крычыць Вінцэнты. — Гэта я. Гэта мая работа. Забойцаў я ня мілую! Гадаў не цярплю!.. А ты хочаш жыць з ім! Паручніка забіў, казённага лесу насек, раённага начальніка забіць хацеў!.. Гэта я каля яго пастараўся, нашто мне таіцца…
З-пад брамы ён крычыць, гатовы памірыцца:
— Сын мой яшчэ прыйдзе да вас!
— Добра, што сказаў, я другога сабаку дастану!
Сабака праводзіць старога да лесу. Па лесе гулка ходзіць сабачы брэх.