І яна ўсміхнулася, можа успомніўшы, як ён апраўдваўся ў судзе. А ад яго гэтая ўсьмешка адабрала спакой.
Наступныя дні ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзіцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснае пэўнасьці. І ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусіць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Аміля. І Галена застала тут вялікі непарадак ва ўсім тым, што не належала да зямлі і жывёлы. Навокал пачалі гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскімі выдумкамі. Праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабіўся ў людскіх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю. Асабліва стараліся каля гэтага хлопцы. І нават стары Вінцэнты раз быў пусьціў брыдкую здагадку, што праз нейкі час, як і першы муж, Бушмар стане хворым і няўгодным ёй. Але гэта не прышчапілася да людской думкі — больш усяго цікавіліся Галенаю цяперашняю, а ня заўтрашняю. Яна з хітрым жартам дражніла зіркам хлопцаў і мужчын. Сьвятымі днямі хлопцы знаходзілі прычыну зайсьці на бушмараў хутар — патаргаваць насеннай канюшыны, або садавіны. Галена калола іх вачыма, даводзіла іх да таго, што ім не хацелася ісьці адгэтуль, а сама, зірнуўшы катораму з іх у вочы апошні раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, і йшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалі каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як зьвер, паглядаў у акно, а пасьля як-бы