Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/74

Гэта старонка была вычытаная

ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат і сабачы брэх доўга абуджвалі лясныя нетры. Пасьля гэтага Бушмар даходзіў ад Галены «праўды». Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страціць гэтай яе ласкі. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасьцю на яго гляне, ён ня думаючы ўсхватваўся, патрабаваў, прасіў, выпрошваў ад яе сказаць «праўду». А яна, патрымаўшы яго крыху гэтакім, упэўнівала яго, што ня ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, і дакляроўвала другі раз сама адразу выпусьціць сабаку і ня выходзіць да іх. Яна ўскідала на яго вачыма гэтак, што ён пакорліва змаўкаў і верыў. Усе так і гаварылі, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават і самому Бушмару дасьць рады. «Гэта яму не Аміля!» А Бушмару было ўсё роўна, што і як пра яго гавораць. Людзкою думкаю ён ня цікавіўся. Ён быў бы рад, калі нават чалавечая нага ня ступала на яго хутар, каб ніводная жывая істота, якая можа думаць і гаварыць, не зьяўлялася ніколі па гэты бок лесу.

Але гэтае ўтрапеньне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы — яна стала іншаю. Яе пакінула цягнуць на вёску, яна пакінула скардзіцца на воўчую адзіноту ляснога хутару, часта ўсьміхалася сама сабе ціхаю ўсьмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнае ўсьмешкі, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара ў хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, і яшчэ больш здаецца ён пачаў ненавідзець кожнага, хто заходзіў калі-небудзь на хутар.