лясныя высечкі, і калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больніцы і ледзьве ачуняў) і Бушмара засудзілі на два ці тры гады адседкі.
Выходзячы з двара, Бушмар нічога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес. А ён нават не азірнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як-бы чакала гэтага і ведала, што іначай з Бушмарам нельга.
Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткі час навучылася пазнаваць яна ўсю зьвераватую простасьць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасьць і прыгнечанасьць. І, застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклівасьць на адвітаньні і ссунутыя бровы. І яна стала берагчы тое абяцаньне, якое дала-б Бушмару, каб той не маўчаньнем, а словамі разьвітаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нікому і на думку не ўзбягала мець якія-небудзь інтарэсы на Бушмаравым хутары. Ня было Бушмара, не прадавалася тут і насенная канюшына. Толькі праз месяцаў два зайшоў быў сюды як-бы ненарокам Вінцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цьвёрдая думка ажаніць дзе-небудзь малодшага сына і разам з ім перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыцьцё гнала яго з уласнай хаты, ад сьлядоў былога. Цяпер ужо ён ненавідзеў Бушмара гэтак, як і Амілінага брата: адзін быў ворагам, які не падаваўся, а другі — які наступаў.
Галена адразу і не чакала ніякіх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. І праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо’ з тры. А пасьля загаварыў рап-