Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/78

Гэта старонка была вычытаная

і гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладзьдзя ў хаце. Бо як ты не глядзі і не клапаціся, аднымі рукамі нічога не парадзіш. Як яна спачатку ні разрывалася за работаю і клопатам, усё роўна ня ўтрымала парадку. Усё было недагледжана, параскідана. І яна прыняла гэта з лёгкім сэрцам. У яе зьяўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта і цягнула за лес. А тады якраз адбыліся вялікія зьмены навокал. Бушмару пакінулі толькі сялібу і зямлі па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо колектыўнае поле. Яно ціснула сялібу неміласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напісала Бушмару праўду пра гаспадарку.

У тыя часы Вінцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусіць дапякло чалавеку добра, калі ня цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзіцянё. Але пасьля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў, як зьнясілены. Ён толькі шаптацца пачаў з людзьмі і охкаць.

Тады была трэцяя восень, як адышла Аміля з хутара. Пра Амілю Бушмар ніколі не гаварыў Галене, яна й не дапытвалася, ведала толькі тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.

Нясучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полі. На яе прыглядаліся здалёк, як-бы ненарокам падыходзілі бліжэй. Яна сама пайшла да ўсіх. Дзіцянё разглядалі доўга, спачувалі, што яна адна з ім. Галена пагаварыла з людзьмі і пайшла назад. Гэта было пасьля апошняга здарэньня з Вінцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодліваю. Цьвілі паўз лес верасы, беразьняк увесь зіхацеў ад сонца і лісьця.