Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/79

Гэта старонка была вычытаная

Лясы дыхалі спакоем, сумная радасьць поўніла іх. У бяздум’і Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. І тады пачула, што хтосьці даганяў яе. Крокі былі лёгкія і шпаркія. Галена азірнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе і от яны сышліся.

— Я пагляджу вашага малога, — сказала жанчына.

Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, нязвычайную шпаркасьць у рухах, здэтэнаванасьць.

— Не падобен да Бушмара, — устрапянулася жанчына.

Штосьці яшчэ яна хацела сказаць — Галена заўважыла гэта і чакала. Яны йшлі поплеч — тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Ісьці моўчкі ім было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзіцянё і на ўсё, тая была неспакойнаю.

— Вы Аміля? — проста і звычайна сказала Галена.

— Я.

— Хадзем на хутар.

Сказала яна гэта так проста, што Аміля пайшла. Ішлі яны паволі. Аміля ўглядалася ўсё ў дзіцячы твар.

— Ён мог-бы быць падобным да твайго брата…

— Да якога.

— Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог-бы быць гэтакім…

Пасьля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзіцца за што, і глянула на яе. А тая йшла, як ішла. Толькі як-бы не разумела гаворкі. З-за лесу Аміля пайшла назад:

— Не пайду далей. Нядобра мне ісьці туды.