Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/83

Гэта старонка была вычытаная

— Сьпяшаў страшна.

— Не адбыў свайго часу, амунісьція, мусіць, нейкая!

Вечар увосень находзіць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарское брамы. Сінь неба згусьцілася, лясы пачарнелі.

Дубняк падыходзіў да самых хат. Увечары ён зусім зьліваецца з мізэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад ім. Тады, калі заплача ў хаце дзіцянё, дзіцячы голас далёка чуваць у лесе.

Я цябе люляла…

Сьпявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкі ад калыскі. У хаце гавораць. Жанчына ўсё сьпявае.

— Андрук, ты зьбіраешся куды? — чуваць другі жаночы голас.

— Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру йшоў, — адказвае мужчына.

— Гэтак хутка…

Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзіць з хаты. Другі чалавек шпарка адбягае ад вакна. У змроку ён здаецца клышаногім. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нібы йдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.

— Добры вечар, Андрук, — гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.

— Добры вечар, Вінцэнты, — гэтак сама стрымліваючыся, гаворыць Андрэй.

— Бушмар вярнуўся.