Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/85

Гэта старонка была вычытаная

у зямлю. Калі праходзіў местам, пазнаў блізкіх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу — каб хаця не заўважылі і не запрасілі садзіцца на воз. Ён зусім прыйшоў да спакою, калі пачуў, як палявы вецер сьвішча ў вушы і б’е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнае волі. Яна гнала яго па зямлі, асеньнімі дарогамі, сьцежыстымі пераходамі, лясамі. Больш нешта за сорак вёрст зрабіў ён за той дзень і яшчэ больш ішоў-бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура мінуў яго зараз-жа. Галас рвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачае радасьці. У браме яны стаялі ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымі ноздрамі цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлі, сабака захлынаўся віскам, калаціўся з радасьці. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на задніх лапах сьледам, трымаючы ў абдымках гаспадараву сьпіну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю і павяла ў хату. І толькі тут, калі ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьці ў нетрах сэрца трывога. Ён і сам не разумеў яшчэ, што гэта і з чаго. Ці гэта пачатак чагосьці вялікага, ці драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскі:

— Бачыш?

Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена ня зводзіла з яго вачэй.

Праз паўгадзіны ён ужо хадзіў па дварэ. Сабака гайсаў за ім. Постаці іх шпарка варушыліся ў раньнім змроку, яны некалькі разоў абышлі двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён ішоў шырокаю