сваёю мяжою і тут чуў, як тая трывога шпарка расла. І ён пачаў усьвядомліваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькі падышоў быў сёньня пад дом, але што ўцякло тады з галавы і сэрца. Каб бязьлітасна вярнуцца цяпер.
За дзікаю, яшчэ бацькаўскаю палявою ігрушаю, мяжа была разьвернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закіпела думка, ён з гаспадарскай прывычкі падумаў быў: «нейкі няўмека зворваў», а пасьля раптам усё патанула ў мятусеньні навакольнага зямнога змроку і надлеснае ясноты. Усё скрозь пабіта было разорамі на дзялянкі — пачатак позьняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялі Бушмара да самай агароджы. Дзіка кінуўся ён у хату да Галены.
— Наша поле вунь там, — сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад. На тры душы пакінена нам. От нядаўна ўсё зрабілася. Я-ж пісала табе.
— Без мяне?!
— А што ты памог-бы?
Яна глядзела яму ў вочы, прасіла позіркам ня думаць пра гэта. Вочы ў яе былі гэтакія, як тады, калі ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палілі яго. І гэта яшчэ больш узьняло ў ім навальніцу страшнага ўтрапеньня. Падобна было тады, як калісьці першы раз пасьля паверкі сеў ён на ложак у казарме і як першы раз зачынілі яго ў допраўскай камеры. Ён кінуўся з лямпаю раптам да калыскі.
— Чаго ты ўглядаешся гэтак? — зьдзівілася Галена на страшны неспакой яго панурага твару.