Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта мой?

Яна гнеўна, горда стала перад ім:

— Твой!

— А ня хлусіш?

Яна ўзьняла галаву і адыйшла моўчкі.

— Ага, чаго-ж ты змоўкла?!

Ён пачынаў ужо крычаць. Яна стаяла напроці вакна.

— Мусіць грэх нейкі ёсьць, калі маўчыш!

— Ёсьць! — адказала яна, павярнуўшыся да яго.

— Гавары!

— Не скажу.

— Скажы!

— Не!

— Дык я зараз іначай пагавару.

— Ніяк ты іначай не пагаворыш.

— Гавары, хто прыходзіў да цябе.

— Хто толькі хацеў, той і прыходзіў.

— Скажы!

— Не скажу.

— Скажы…

Яна стаяла перад ім, ня зводзячы з яго вачэй. Ён усё гаварыў: «скажы… скажы»… Раней крычаў, пасьля пачаў прасіць. Прасіў доўга, раптам рабіўся мяккім — дзіўным нават для Галены, то зноў узьнімаўся да свае зьвярынае сілы ў голасе. Біў тады кулакамі аб стол, пасьля зноў ападаў да просьбы. А яна глядзела, як ён вар’юецца, і ўсё сьцьвярджала:

— Не скажу.