— Як маешся, Лявон?
— Нечага-ж да нас?
Бушмар не гаварыў нічога. Да яго падышлі. Цяпер ён пазнаў і Андрэя тут. Штосьці там гаварылі каля яго, ці то з ім, ці то самі з сабою, але ён ня чуў, пра што. Толькі кальнула яго Андрэева слова. З гэтага ён і чуць пачаў гаворку:
— Кагадзе, што пра цябе мне Вінцэнты успамінаў. Нешта вельмі ня любіць ён цябе.
І тут прайшло ўсё ранейшае. Выразна вырасла перад усім адно вялікае і найважнейшае цяпер: нянавісьць да Андрэя.
— А ты яго ці не нацкоўваеш на мяне?!
— Хіба мне работы іншае няма?
— А што табе больш рабіць? Табе іншае работы й ня трэба.
— Чаму ты гэтак думаеш?
Бушмар чуў на сабе зьняважлівы і злосны Андрэеў зірк, бачыў, як той падступіў бліжэй.
— Я ня думаю, а на сабе бачу тваю работу. Я яе пачуў добра! Можа лепш ужо й чуць ня трэба.
Ён стрымліваў моцнае жаданьне зьмяшаць Андрэя з зямлёю.
VI
Што ён там гаварыў з Андрэем, ці Андрэй гэта з ім — Бушмар ня памятаў. Штосьці ён адказваў, а то маўчаў у злосьці. Толькі пасьля ўжо, калі Андрэй зьнік недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Ня