Галас драпаў з сянец у хатнія дзьверы. Адчыніў іх і ўскочыў у хату. З віскам кінуўся да гаспадара. Той з асалодаю ткнуў яму ў жывот наском бота. Галас заенчыў, ня ведаючы, што гэта раптам зрабілася, адскочыў. Малы прачнуўся, заплакаў. Зрабілася шумна ў хаце. Бушмар выкінуў Галаса на ганак. Пайшоў у кухню, лёг за сталом на голай вузенькай лаве і заснуў.
Галена раніцаю ня будзіла яго позна. Ціха хадзіла па кухні. Ён, калі прачнуўся, з дзівам нейкім у вачох, як-бы не разумеючы нічога, глядзеў навокал. Як і заўсёды, спрадвеку, быў ён панурым, маўклівым.
— Ня думай ні пра што, — падышла да яго Галена.
І, не дачакаўшыся адказу:
— Можа, нават да ўсіх прыстанеш жыць, мне хочацца ў людзі. І ты там зьменішся…
— Дык мне зьмяніцца трэба?
Яна адчула, што сказала ў гэтую хвіліну глупства. І паправілася як магла:
— Гэта так я сказала. Так сабе… Кінь, ня думай ні пра што, давай жыць будзем, як людзі жывуць… Вазьмі сябе ў рукі, ня злуй, ня муч сябе і мяне ліха ведае якімі думкамі, словамі…
Яна палажыла яму локці на плечы, нагнулася да яго тварам. Ён сядзеў цяпер гэтакі малы і слабы перад ёю. Яна стаяла над ім, глядзела яму ў твар.
Але ён не падаўся. Ён перш за ўсё глыбока чуў мяжу між сабою і ўсімі, нават ёю. У іх нейкае там сваё жыцьцё, а ў яго сваё. Ён, дзеля прыклёпу, пагладзіў яе па галаве і падняўся. Нехаця ўзяўся ён за