Старонка:Лясьнікова сена (1932).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

ўздзячнасьці да гэтага добрага чалавека, падвёзшага мяне, стараюся пакласьці паболей ахапак сена на воз ды мяркую, каб кождая ахапка была як мага больш.

„Годзі!“ — кажа фурман.

У гэты час аглядаецца далёка ужо ад нас ад‘ехаўшы, лясьнік: „Дзяржы ix!“ — крычыць ён: — „Дзяржы!“ I сам ляціць да нас.

Мой фурман сядае на каня і ўва ўвесь дух ляціць па гасьцінцу. Ясна, што лясьніку нас не дагнаць. Наперадзі ня відаць ні жывой душы. Мне робіцца сьмешна. Я сабе думаю: — „Ня зловіш! — Насып каню солі на хвост!“

Тым часам на небасхіле паказываюцца дзьве мускія постаці, нешта нясучыя у рукох. Лясьнік ува ўсё горла крычыць: „Дзяржы ix! — Дзяржы іх!“

„Здаровыя лёгкія“ — думаю — „у гэтага лясьніка! — Крычыць — аж за тры вярсты чуваць!“ І зноў мне робіцца сьмешна. Я пэўны, што тыя мужчыны, якія йдуць нам насустрэч, нас чапаць ня будуць. Якая ім справа да нас!

Між тым, дзьве постаці ўжо набліжаюцца. Я бачу, што абедзьве яны абцепленыя фарбамі ды вапнай, з вёдрамі і пэндзэлямі ў рукох, — пэўна маляры. Лясьнік ужо не ляціць, а йдзе звычайным крокам. І вось разам:

— „Стой!“ — Маляры схапілі каня за морду й ня пушчаюць.

Мне здавалася, што мой фурман зробіць нешта энэргійнае, а потым па каню! і толькі нас бачылі. А ён сядзіць спакойна і чакае, пакуль падляціць лясьнік.

„Ну, дзеля якога ражна вы затрымалі нас!“ — кажу я. — „Якая карысьць вам ад гэтага?“

„А мы працуем у гэтага лясьніка. Ня можам!“ адказываюць яны.

Зьдзіўлены, зьнішчаны ўсей выпадковасьцяй трапіўшагася я таксама сяджу на крадзеным сене й чакаю лясьніка.

„А, вам сена красьці! — Казённае сена, злодзеі!“ — зарычаў на нас лясьнік. „Сядайце, хлопцы, — павязём іх да дарожнага майстры“.

Муляры з лясьніком ускочылі ў калёсы, паціснулі мяне як трэба быць, і мы ўсе пяцёра паехалі на суд гэтага вялікага чалавека, дарожнага майстры!

Я ўсю дарогу маўчаў. Толькі мне было неяк дзіўна, што лясьнік усё нешта шаптаўся з стараверам і потым усё скоса паглядаваў на мяне.

Пад‘ехалі да мураванага доміку. Навокал сад, далей відаць засеянае поле, наагул чалавек жыве панам. Лясьнік выскаківае і падымаецца па дарожцы. Насустрэч яму выходзе здаровы, тоўсты, сярэдняга росту мужчына, з тыпічным тварам дзясятніка, а за ім выскаківае ўся яго дзетвара і, пераваліваючыся з аднага тоўстага боку на другі, як качка, выплывае жонка.

Лясьнік зрабіў начальству нейкі даклад.