храма Камона; аслепленыя дымам яны павярнулі налева, узмацніўшы страшэнную звалку, якая адбывалася з-за аўладання Малкай. Сінтагмы з наўмысна падабраных, асабліва моцных людзей прабілі ўжо тры брамы. Высокія загародкі з дошак з наўбіванымі цвікамі затрымалі іх; чацвертая брама лёгка падалася, воіны кінуліся бегчы праз яе і скаціліся ў канаву, выкапаную загадзя, дзе былі пастаўлены пасткі.
Ад вуліцы Камона да Сеннага рынка ўся навакольная дарога цяпер была ў руках варвараў.
Прашчнікі, расстаўленыя ў задніх радах, увесь час кідалі знарады. Зарксас з распушчанымі па плячах даўгімі чорнымі валасамі насіўся ўсюды, пераскокваючы праз перашкоды і цягнучы за сабою балеараў. Дзве торбы віселі ў яго па бакох; ён бесперапынным рухам засоўваў у іх левую руку, а правая круцілася, як кола ў калёсах.
Мато спачатку ўстрымліваўся ад уступлення ў бой, каб лепш кіраваць усімі варварамі адразу. Яго бачылі то ля берагоў затокі з наёмнікамі, то каля лагуны з нумідзійцамі, то каля возера паміж неграмі; а з глыбіні раўніны ён прысылаў атрады воінаў, якія адзін за адным прыходзілі на лінію бою. Але крыху па-крыху Мато і сам падышоў да яе; пах крыві, відовішча бязлітаснай разні і знаёмы гук баявых рагоў успалымнілі яго сэрца. Ён вярнуўся ў палатку, і, скінуўшы панцыр, накінуў на голае цела ільвіную шкуру, больш зручную для бітвы; ільвіная пашча надзявалася на галаву і акаймляла твар колам з клыкоў і зубоў; абедзве пярэднія лапы скрыжоўваліся на грудзях, а капцюры задніх звешваліся ніжэй каленаў.
Толькі шырокі пояс, за якім блішчэла сякера з двухбаковым лезівам, накінуў Мато на сябе і, узяўшы ў абедзве рукі свой велізарны меч, ён у буйным імпэце, кінуўся праз пралом ва ўмацаваннях. Як падзёншчык, заняты падразаць у парку галінкі вербаў, спяшаецца нарэзаць іх як мага больш, каб зарабіць лішнія грошы, — так Мато ішоў, сякучы навокал карфагенян. Два чалавекі раптам ускочылі яму на плечы; адскочыўшы назад, ён спіной прыціснуў іх да варот і раздушыў. Меч яго раўнамерна падаў і зноў падымаўся і нарэшце разбіўся аб вугол сцяны. Тады Мато выхапіў сваю цяжкую сякеру; спераду і ззаду ён рубіў карфагенян, нібы стада авечак.
Яны расступаліся перад ім усё далей і далей і ён падышоў