да другой агарожы ля падножжа Акропаля. Прадметы, скінутыя з вышыні, завальвалі сходні і ўздымаліся вышэй сцяны. Сярод руін Мато абярнуўся, каб прызваць сваіх субарацьбітоў.
Ён заўважыў раскіданыя па густым натоўпе султаны на шаломах сваіх воінаў; пер’і схіляліся ўсё ніжэй і ніжэй, пагібель пагражала салдатам; Мато кінуўся да іх; на яго заклік шырокае кола чырвоных пер’яў пачало змыкацца, воіны прабіліся да яго і абступілі. Велізарны натоўп карфагенян хлынуў на іх з баковых вуліц. Яму сціснулі бакі, натоўп падхапіў яго, пацягнуў і вынес з сабою, за ўмацаванні, дзе наспа была высокая.
Мато крыкнуў каманду: усе шчыты апусціліся на шаломы, ён ускочыў на іх, як на дах, адшукваючы месца, дзе можна было-б прабіцца скрозь умацаванні і вярнуцца зноў у Карфаген, працягваючы размахваць страшной сякерай, ён бег па шчытах, падобных да хваляў з бронзы, як бог мора, які нясецца па вадзе.
Страшэнны трэск набліжаўся сюды, зліваючыся з гукамі мернага пяяння мноства хрыплых галасоў.
Гэта была велізарная абложная вежа, абкружаная натоўпам воінаў. Яны пхнулі яе абодвума рукамі, цягнулі вяроўкі і падпіралі плячмі, бо адкос, які падымаўся з даліны да наспы, хоць і зусім не круты, быў усё-ж вельмі нязручны для машыны такой страшэнна велізарпай вагі. Вежа мела, аднак, восем велізарных колаў, акутых жалезнымі абручамі, і з самай раніцы павольна пасоўвалася наперад, быццам гара, якая ўзбіралася на другую. З яе асновы высунуўся велічэзны таран; адкідныя дзверы апусціліся і ў глыбіні з’явіліся, падобна да жалезных калюмнаў, воіны ў панцырах. Відаць было, як яны то ўзлазілі наверх, то спускаліся ўніз па двух лесвіцах, якія праходзілі праз усе паверхі. Іншыя чакалі пакуль дзверцы, адкінуўшыся, крануцца сцяны сваімі жалезнымі крукамі, каб кінуцца праз іх, як па кладках. Пасярэдзіне верхняй пляцоўкі круціліся матальні мятальных машын, і апускалася, нацягваемае пружынай, дышла катапульта.
Гамількар у гэты час чакаў на плоскім даху храма Мелькарта. Ён даўно ўжо загадаў пабудаваць тут нешта накшталт трыкутнага басейна з двух схадзіўшыхся кутом сценак з гліны, трэцяй служыла крэпасная сцяна, — якраз супроць таго месца, куды пасоўвалася абложная вежа.
Калі яна падышла крокаў на трыццаць, Гамількар загадаў