дым кадзільніц падымаўся проста ўверх, падобна да гіганцкага дрэва, якое прасцерла свае галіны сярод нябеснай сіні.
Нарэшце, вярхоўны жрэц Малоха прасунуў левую руку пад пакрывалы дзяцей, вырваў у кожнага па косме валасоў над ілбамі і кінуў у агонь. І тады жрацы ў чырвоных плашчах заспявалі свяшчэнны гімн.
— Прывітанне табе, Сонца, уладар абодвух земных паясоў, творац, сам сябе параджаючы, Бацька і Матка, Бацька і Сын, Бог і Багіня, Багіня і Бог.
Галасы іх згубіліся ў гуле інструмантаў, загучэўшых адразу, каб заглушыць крыкі ахвяр.
Служыльнікі храму даўгім крукам адчынілі сем аддзяленняў, размешчаных адно над другім па целе Ваала. У самае верхняе насыпалі мукі; у другое паклалі — двух горліц, у трэцяе — малпу; у чацвертае — барана, у пятае — авечку; а з прычыны таго, што быка для шостага не аказалася, дык туды кінулі ўзятую з алтара гарбаваную скуру. Сёмая клетка засталася адчыненай.
Перш за ўсё трэба было выпрабаваць рукі ідала. Тонкія ланцужкі, пачынаючыся з пальцаў, цягнуліся да плеч і спускаліся назад; калі іх цягнулі ўніз, раскрытыя далоні паднімаліся да ўзроўню локцяў і, збліжаючыся, прысоўваліся да жывата; яны рухаліся зусім вольна, — кароткімі перапыністымі штуршкамі. Потым інструманты змоўклі. Полымя вогнішча раўло.
Жрацы Малоха хадзілі па велізарнай пліце пад нагамі ідала і разглядалі натоўп.
Патрэбна была асаблівая ахвяра, ахвяра зусім добраахвотная, бо лічылася, што яна пацягне і другія. Але пакуль ніхто не з’яўляўся; і сем праходаў, што вялі да кратаў да коласа, былі зусім бязлюдны. Каб надаць натоўпу смеласці, жрацы вынулі з-за пояса вострыя шылы і пачалі параняць сабе твары. Голых людзей, што прысвецілі сябе Малоху, ляжаўшых дагэтуль знадворку, распрасцёршыхся ніцма на зямлі, упусцілі за агарожу. Ім кінулі звязку агідных жалезных прылад, і кожны выбраў сабе катаванне. Яны ўсажвалі сабе вілы ў грудзі, рассякалі шчокі, надзявалі на галаву цярновыя вянкі; потым, сплятаючыся рукамі, акружылі дзяцей другім, парыўчаста сціскаўшымся і зноў разыходзячымся колам. У імпэтным віхры, то шчыльна падступаючы да кратаў, то адкідваючыся далёка назад, яны захап-