Нар-Гавас, хаваючыся ў гарах, здалёк сачыў за варварамі. Аднойчы ноччу берагам мора ён правёў усё сваё войска на дальні бок лагуны і ўступіў у Карфаген.
Ён з’явіўся збаўцай з шасцю тысячамі воінаў, якія неслі пад плашчамі муку, і з сарака сланамі, якія былі нагружаны фуражом і сушаным мясам.
У той-жа час у Карфаген прыбылі звернутыя Рымам чатырыста ваенных палоннікаў, захопленых у часе сіцылійскай вайны, і звесткі аб тым, што Рым адмовіўся ад саюзу з наёмнікамі.
Услед за Рымам, кіраўнік Сіракуз прыслаў у Карфаген тысячу дзвесце быкоў і пяцьдзесят тры тысячы небеляй чыстай пшаніцы, абвясціўшы сябе прыяцелем рэспублікі.
Вельмі грунтоўныя меркаванні прымушалі суседнія ўрады дапамагаць Карфагену; яны добра разумелі, што калі наёмнікі перамогуць, дык усе, ад воінаў да судамыек, паўстануць, і ні адзін урад, ніякая гаспадарка не ўстаіць перад імі.
Тымчасам Гамількар граміў усходнія правінцыі. Ён адкінуў галаў назад, і варвары апынуліся як быццам у аблозе.
Тады ён пачаў іх трывожыць. Ён набліжаўся, зноў адыходзіў і, паўтараючы ўсё той-жа манеўр, крыху-па-крыху ён прымусіў іх адыйсці ад лагера. Спендзі вымушан быў паследаваць за ўсімі; нарэшце і Мато таксама як і ён уступіў.
Але Мато не ішоў далей Туніса і заперся за яго сценамі. Астатнія войскі варвараў бадзяліся па правінцыях, праследуючы суфета.
У Кліпее да Гамількара далучыліся тры тысячы галаў, нанятых ім. Ён загадаў вывесці коняй з Кірэнаікі, прывесці з Бруцыума ўзбраенні і зноў пачаў вайну.
Ніколі яшчэ яго гені не быў так імпэтна дзейны і пладатворны. Пяць месяцаў ён цягаў за сабою варвараў, — быццам без мэты, — але ў сапраўднасці, ведаючы ўвесь час, куды ён вядзе іх.
Варвары спачатку спрабавалі абкружыць Гамількара невялікімі атрадамі; але ён заўсёды ад іх выслізваў. Абодва войскі цяпер зусім не разлучаліся. У варвараў было каля сарака тысяч воінаў; і ўжо шмат разоў яны з радасцю бачылі, як перад імі ступалі карфагеняне.
Гамількар уступіў у горы, хоць там сланам пагражала амаль поўная пагібель. Ён гэтым хацеў, як думалі варвары, сукрыць слабасць сваіх войск. Але пастаянная няўпэўненасць, у якой ён