надзеі. Абодва выхады з гэтага тупіка былі замкнуты кратамі і гурбай скінутых скалаў.
Яны пераглянуліся, не сказаўшы ні слова. У поўнай зьнямозе апусціліся там, дзе стаялі, адчуўшы, як лядзяны холад прайшоў па спіне і як страшэнна цяжкімі зрабіліся ў іх павекі.
Хвіліну счакаўшы, варвары зноў ускочылі і кінуліся проста на зваленыя ля ўвахода скалы. Але нават ніжнія, сціснутыя цяжкасцю наваленых зверху, былі непахісны. Яны спрабавалі ўзлезці на іх, каб дабрацца да верхавіны; але ўсякае намаганне падняцца па гэтых выпучаных велізарынах было дарэмным.
Варвары вярнуліся да краты; яна была высаджана даўгімі цвікамі, тоўстымі, як калы, вострымі, як калючкі іглака, і так часта насаджанымі, як шчаціна на штотцы. Але такое шаленства аўладала імі, што яны ўсё-ж накінуліся на крату. Калючкі праткнулі пярэднім усё цела наскрозь да хрыбетніка, другія коўзаліся па іх; потым усе зваліліся назад, пакінуўшы на гэтых агідных галінах клоччы чалавечых цел і скрываўленыя валасы.
Калі крыху сунялася роспач, праверылі колькі засталося харчавання. Наёмнікі, поклаж якіх загінуў, ледзь мелі харчу на два дні; у астатніх зусім нічога не было; яны чакалі абоза, абяцанага вёскамі ня поўдні.
Па даліне ўсё яшчэ бадзяліся быкі, якімі карфагеняне думалі прывабіць варвараў у цясніну, і пасля кінулі. Быкоў закалолі пікамі; з’елі, і калі страўнікі напоўніліся, думкі зрабіліся менш змрочнымі.
На наступны дзень яны зарэзалі мулаў; іх заставалася штук сорак; потым выскраблі скуры, выварылі унутранасці, стаўклі косці і ўсё яшчэ не аддаваліся роспачы; туніская армія, напэўна, паведамлёная аб тым, што з імі здарылася, павінна падыйсці.
Але ўвечары пятага дня голад узмацніўся; пачалі грызці перавязі мечаў і маленькія губкі, якімі знутры былі выкладзены шаломы.
Варвары ў знямозе ляжалі цяпер на зямлі. Яны з рэвам пасылалі праклёны Карфагену, Гамількару. Пасля пачалі стагнаць, многія ціха плакалі, нібы маленькія дзеці. Абвінавачвалі начальнікаў, абсыпалі іх пагрозамі.
Аўтарыт не баяўся паказвацца ім. Спендзі-ж, абкружаны грэкамі, хаваўся ў аднэй з расшчэлін скалы; са страху ён распусціў чуткі аб сваёй смерці.