касцю. Крапаўшая з туману вільгаць, асядаючы на трупы, размякчала іх і хутка абярнула ўсю даліну ў велічэзную гніючую яму. Белаватая пара насілася над імі, ласкатала ім ноздры, прасякала праз поры на скуры, засцілала вочы. Нясцерпная агіда ахапіла іх. Яны знемагалі, ім хацелася лепш памерці.
Праз дза дні надвор’е праяснілася, і голад успыхнуў зноў. Часамі ім здавалася быццам у іх абцугамі вырываюць унутранасці. Тады яны качаліся ў сударагах, набівалі рот зямлёю, кусалі рукі, рагаталі шалёным рогатам.
Смага мучыла іх яшчэ больш, бо ў іх не засталося ні кроплі вады; мяхі зусім высахлі ўжо з дзевятага дня. Каб ашукаць смагу, яны прыкладалі язык да металічных пласцінак на партупеях, да ручак са слановай касці, да лезіваў мечаў.
Яны ўсё яшчэ чакалі туніскага войска.
Першымі гінулі людзі буйнага характару, афрыканцы трымаліся долей, чым галы. Зарксас ляжаў сярод балеараў, без рухаў, ва ўвесь рост выцягнуўшыся на пяску, перакінуўшы праз руку свае даўгія валасы. Спендзі адшукаў нейкую расліну з шырокімі лісцямі, збыткоўна напоўненую сокам, і каб зберагчы яе ад астатніх, абвясціў яе атрутнай і жывіўся ёю сам.
Некаторым удавалася знаходзіць хамелеонаў і змей. Але тое, што яшчэ прымушала іх жыць, была любоў і прагнасць да жыцця. Яны ўсе сілы душы накіроўвалі на адну гэту думку, намаганнем волі трымаліся за існаванне і толькі гэтым намаганнем падтрымлівалі сваё жыццё.
Самыя непахісныя трымаліся разам, размясціўшыся гурткамі ў сярэдзіне даліны, абкружаныя мерцвякамі, захутаўшыся плашчамі, яны моўчкі аддаваліся суму.
Многія, ахопленыя дзіўным брэдам, паўтаралі ўсё адно слова ці без перапынку рабілі адзін і той-жа рух. Калі, падняўшы галаву, ім здаралася глянуць адзін на аднаго, іх душыў плач пры выглядзе слядоў страшэннага руйнавання на іх тварах.
Яны ведалі, што іх чакала смерць немінучая. Колькі ўжо разоў яны дарэмна спрабавалі прабіць сабе выхад.
З боку рову дзмуў вецер і гнаў несупынным каскадам пясок праз спушчаную крату; плашчы і валасы варвараў былі засыпаны ім, быццам зямля, паднімаючыся на іх, хавала іх пад сабою. Усё было нерухома навокал; нязменная гара кожную раніцу здавалася ім усё вышэйшай і вышэйшай.