чых брук; рабы Гамількара ад яго імя прапанавалі праходзячым палены мігдаль і сырое мяса кавалкамі, усе падыходзілі адзін да аднаго, цалаваліся і плакалі; царскія гарады былі заваяваны, вандроўнікі прагнаны, усе варвары зьнішчаны. Акропаль знікаў пад каляровымі пакрываламі; насы трырэм, выстраеных даўгім радам за молам, паблісквалі, быццам стаў з дыямэнтаў; усюды адчуваўся адноўлены парадак, пачатак новага жыцця, разліваючага навокал шчасце; у гэты дзень святкавалі шлюб Саламбо і правадыра нумідзійцаў.
На тэрасах храма Камона гіганцкі каштоўны посуд і аздобы пакрывалі тры даўгіх сталы, за якімі павінны былі сесці жрацы, старэйшыны і багатары; чацверты больш высокі стол быў прызначан для Гамількара, для Нар-Гаваса і для Саламбо; з прычыны таго, што Саламбо, звярнуўшая пакрывала багіні, выратавала бацькаўшчыну, народ абярнуў яе вяселле ў нацыянальную ўрачыстасць, і ўнізе на пляцы, натоўп чакаў яе з’яўлення.
Другое відовішча, яшчэ больш вострае, раздражняла несцярплівасць натоўпа: яму абяцалі ў гэты ўрачысты дзень удзел у пакаранні Мато.
Доўга не маглі прыдумаць яму належнай кары. Спачатку хацелі садраць з яго скуру жыўцом, хацелі заліць яму ўнутранасці расплаўленым свінцом, ці замарыць голадам. Другія прапанавалі вазіць яго на вярблюдзе, уваткнуўшы папярэдня ў цела ільняныя кнаты, прасякнутыя алеем: яны загадзя радаваліся, уяўляючы сабе, як велізарная жывёліна будзе расхажваць па вуліцах, нясучы на сабе чалавека, які будзе звівацца ў полымі, як свяцільнік, калыхаючыся ад ветру.
Але каму з грамадзян даручыць катаваць яго і чаму пазбаўляць асалоду ўсіх астатніх? Трэба было прыдумаць такую смерць, у якой удзельнічаў-бы ўвесь народ, каб усе рукі, усё ўзброенне, кожная рэч у Карфагене, ад плітаў брука і да водаў затокі, таксама маглі рваць, мучыць, зніштажаць яго.
І старэйшыны вырашылі, што ён пойдзе ад самай турмы на пляц Камона без праважатых, са звязанымі за спіной рукамі; забаранілі біць яго ў сэрца, каб ён надалей заставаўся жывым; забаранілі выколваць яму вочы, каб ён да канца бачыў сваё катаване, забаронена было таксама кідаць у яго чым папала і ўдараць яго больш, чым трыма пальцамі адразу.
Хоць ён павінен быў з’явіцца толькі перад канцом урачы-