стасці, усё-ж натоўпу некалькі разоў здавалася, што ён яго бачыць; усе кідаліся да Акропаля, вуліцы на момант пусцелі, а затым, незадаволена наракаючы, натоўп вяртаўся назад. Многія ад самага золку не ўходзілі з месца і ў глыбокім хваляванні хадзілі ўзад і ўперад; другія былі такія бледныя, быццам чакалі ўласнай кары.
Раптам з Мапал, над галовамі, паказаліся высокія апахалы з пер’яў. Гэта Саламбо выходзіла з палаца, ва ўсіх вырваўся ўздых палягчэння.
Наперадзе ішлі жрацы багоў-Патэкаў, пасля жрацы Эшмуна, Мількарта і адна за аднэй усе калегіі жрацоў, за імі ішлі жрацы ў паўпразрыстых вопратках жоўтага і чорнага колеру, якія крычалі падобна птушкам, звіваліся, як вужакі, або плаўна кружылі пад гукі флейтаў, увасабляючы рух зор; ад іх лёгкіх вопратак па вуліцах плылі хвалі далікатных пахаў. Жаночы пачатак усюды цараваў у гэты дзень.
Па меры таго, як калегіі жрацоў праходзілі, яны выстройваліся ў дварах храмаў, на знадворных галярэях і ўздоўж падвойных лесвіц, якія паднімаліся ля сцен, збліжаючыся ўверсе. Рады белых вопратак паказваліся паміж каланадамі, увесь будынак напоўніўся жывымі чалавечамі статуямі — нерухомымі, як вылепкі з камення.
Унізе бурна загудзеў натоўп. З суседніх вуліц хлынулі новыя натоўпы людзей; служыльнікі храма гналі іх палкамі назад. І абкружаная старэйшынамі, увенчатымі залатымі тыарамі, на насілках пад пурпуровым полагам з’явілася Саламбо.
Шалёныя крыкі агаласілі ўвесь пляц; цымбалы і кроталы зазвінелі гучней; тамбурыны загрымелі, вялікі пурпуровы полаг схаваўся паміж калюмнамі портала храма.
Ён зноў з’явіўся на першай пляцоўцы ўжо без насілак. Саламбо павольна ішла пад ім; пасля яна прайшла па тэрасе, накіроўваючыся ў глыбіню, дзе села на трон, выразаны з шчыта велізарнай морскай чарапахі. Пад ногі ёй падсунулі ўслончык са слановай касці з трыма сходкамі, на вуглах ніжняй з іх стаялі на каленах двое чорных дзяцей і яна часамі апіралася аб іх галовы абодвума рукамі, абцяжанымі надта цяжкімі пярсьцёнкамі.
Ад шчыкалатак да бёдраў яе сцягвала блішчастая як перламутр, сетка з частымі петлямі, нагадваўшымі рыбавую луску,