граднікаў. Клаліся ў траву і здзіўлена глядзелі на велізарныя, штучна скручаныя, рогі быкоў, на авечак, ахутаных скурамі для ахавання іх воўны, на палі, дзе барозны перакрыжоўваліся, утвараючы косакутнікі, на нарожнікі плугоў, падобныя да карабельных якараў, на гранатныя дрэвы, угноеныя сільфіям. Яны былі здзіўлены нязвычайнай прадукцыйнасцю глебы і мудрым вынаходніцтвам жыхароў.
Седзячы на драмадзеры, скрадзеным у садах Гамількара, Спендзі здалёк заўважыў Мато з падвязанай рукой, непакрытай галавой і з паніклым выглядам, які паіў свайго аслюка, утаропіўшыся на цякучую ваду. Спендзі праціскаўся да яго скрозь натоўп, заклікаючы:
— Пане! Пане!
Мато ледзь яго заўважыў. Не звяртаючы на гэта ўвагі, Спендзі пайшоў за ім ззаду, непакойліва пазіраючы часамі ў бок Карфагена.
Усю дарогу ён не адыходзіў ад Мато; прыносіў яму ежу, падтрымліваў яго, дапамагаючы зыходзіць, а вечарамі расцілаў пад галаву дыван. Нарэшце Мато быў крануты гэтай клапатлівасцю і вусны яго пакрыху раскрыліся.
Дзяцінства Мато прайшло на бацькаўшчыне ў Сірцкай затоцы ў Кірэнаіцы. Пасля ён паляваў на сланоў у лясах Гарамантаў. Потым наняўся служыць Карфагену. Пры ўзяцці Дрэпенума яму далі годнасць тэтрарха.
Вырабленыя палі пачалі сустракацца ўсё радзей і радзей. Нечакана трапляліся пескавыя палосы, нібы шчацінай пакрытыя калючым хмызняком. Стада баранаў пасвілася між каменнямі; іх пільнавала падпяразаная блакітнай скурай жанчына. Ледзь забачыўшы з-за скал пікі воінаў, яна схавалася з моцным крыкам.
Яны ішлі па нейкім гарыстым стоку, акружаным двума чырвонаватымі ўзгоркаватымі валамі, калі раптам іх здзівіў прыкры пах і нешта дзіўнае паказалася перад імі на верхавіне ражковага дрэва: сярод лісцяў уздымалася галава ільва.
Яны кінуліся туды. Там быў леў, як злазынца, усімі чатырма лапамі прыбіты цвікамі да крыжа. Велізарная галава ўпала на грудзі, і напалову схаваныя пад густой грывай пярэднія лапы былі распасцёрты, як два птушыных крыла, Рэбры, усе да аднаго, выпіралі пад нацягнутай скурай; заднія лапы, прыбітыя адна на адну, злёгку падкурчыліся, і чорная кроў, сцякаючы па