Неяк увечары, праходзячы разам праз лагер, яны сустрэлі людзей у белых плашчах; сярод іх быў Нар-Гавас, нумідыйскі правадыр. Мато ўздрыгнуўся.
— Дай меч, — крыкнуў ён, — я заб’ю яго.
— Пачакай яшчэ, — спыніў яго Спендзі.
Нар-Гавас ужо падыходзіў да яго.
У знак прыязні ён дакрануўся губамі да вялікіх пальцаў рукі, адносячы тым самым свой гнеўны запал за лік п’янага стану ў часе балю; пасля ён доўга гаварыў супроць Карфагена, але не сказаў, што прывяло яго да варвараў.
— Каму ён здрадзіць: ім ці рэспубліцы — пытаў сябе Спендзі, але, спадзяючыся ў кожнай бунтаніне знайсці сваю карысць, ён быў удзячны Нар-Гавасу за будучае здрадніцтва, у якім яго падазраваў.
Правадыр нумідзійцаў застаўся ў наёмнікаў. Ён, здавалася, хацеў зыйсціся з Мато. Прысылаў выкармленых коз, залаты пясок і пер’і стравуса. Лібіец, здзіўлены гэтай увагай, хістаўся, не ведаючы, ці адказваць яму тым самым, ці канчаткова раззлавацца. Але Спендзі супакойваў, і Мато падпарадкоўваўся.
Аднойчы раніцой яны выйшлі ўтрох на паляванне за ільвамі. Нар-Гавас схаваў кінжал пад плашчом. Спендзі неадлучна ішоў за ім ззаду, і кінжал, аж да звароту, не быў выняты з ножнаў.
У другі раз Нар-Гавас завёў іх вельмі далёка, да самых межаў сваіх уладанняў. Яны палявалі ў вузкай цясніне; Нар-Гавас усміхнуўся, заяўляючы, што не ведае, як ісці далей; Спендзі знайшоў дарогу.
Але часцей за ўсё Мато з сумным выглядам, ледзь узыходзіла сонца, ішоў бадзяцца па раўнінах. Выцягнуўшыся на пяску, ён да самага вечара ляжаў нерухома.
Неяк уначы Спендзі ўвайшоў да яго ў палатку.
Мато, голы як труп, ляжаў уніз жыватом на расцягнутай ільвінай скуры, закрыўшы твар рукамі; падвешаны свяцільнік асвятляў зброю, якая вісела на падпорцы палаткі.
— Табе цяжка? — запытаў яго Спендзі. — Чаго табе трэба? Скажы мне!
І ён скалынуў яго за плячо, аклікнуўшы некалькі разоў:
— Пане, пане!
Мато падняў на яго свае вялікія затуманеныя вочы.