— Слухай, — ціха сказаў Мато, прыклаўшы палец да вуснаў, — гэта богі разгневаліся на мяне. Мяне праследуе дачка Гамількара. Я баюся яе, Спендзі. — І, як дзіця, перапалоханае страшнымі зданямі, ён прытуліўся да грудзей раба. — Гавары-ж са мной. Я хворы. Я хачу вылячыцца. Я выпрабаваў усё. А ты, мабыць, ведаеш багоў мацнейшых, ці можа якую-небудзь моцную замову.
— Навашто табе? — запытаў Спендзі.
Ён адказаў, б’ючы сябе па галаве кулакамі.
— Каб пазбавіцца ад яе.
Пасля ён пачаў гаварыць сам з сабою, з доўгімі перапынкамі.
— Я, мабыць, ахвяра, абяцанае ёю багам… Яна трымае мяне нябачным ланцугом. Калі я іду, — значыць ідзе і яна; спыняюся — яна адпачывае. Вочы яе паляць мяне, я чую яе голас. Яна абкружае мяне ўсяго, пранікае ў мяне. Мне здаецца, яна зрабілася маёй душой…
— А ўсё-ж між намі быццам нябачныя хвалі бязмежнага акіяна. Яна далёкая і такая непрыступная. Як воблакам святла, абкружана яна ззяннем сваёй прыгожасці; і мне часам здаецца, што я і не бачыў яе ніколі… што яе зусім няма… і ўсё гэта толькі сон…
Так плакаўся Мато ў цемры. Варвары спалі…
На ўсе супакоенні Спендзі ён паўтараў тыя-ж словы; ночы ў іх праходзілі ў скаргах і ўгаварваннях.
Мато хацеў знайсці забыццё ў віне. Але пасля хмеля, ён зрабіўся яшчэ больш сумным. Ён спрабаваў заняцца гульнёй ў косці, і праіграў адну за аднэй залатыя бляхі сваіх караляў.
Спендзі, наадварот, рабіўся ўсё больш смелым і вясёлым. Ён паказваўся ў складзеных на хуткую руку з лісця лагерных шынках, і распачынаў зжыўленыя гутаркі з салдатамі. Папраўляў старую зброю. Жангляваў кінжалам. Ішоў бадзяцца па сенажацях, вышукваючы для хворых лекавыя травы. Гэта быў балака, лаўкач, заўсёды гатовы на выдумкі, і мог гаварыць бясконца; варвары прывыкалі да яго паслуг; ён крыху-па-крыху прымушаў любіць сябе.
Варвары чакалі пасланца з Карфагена, які прывёз-бы ім на аслюках кашы, нагружаныя золатам; і зноў, пачынаючы ўсё той-жа рахунак, яны на пяску выводзілі пальцамі лічбы. Кожны загадзя марыў, што ён будзе рабіць у будучым.