Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/31

Гэта старонка не была вычытаная

Кожны дзень падыходзілі натоўпы амаль голых людзей, якія закрывалі галовы травой для засцярогі ад сонца; гэта былі даўжнікі багатых карфагенян, якія за даўгі былі прымушаны ўзворваць іх землі і выратаваліся ад гэтага ўцякацтвам. Прыбывалі лібійцы, разораныя падаткамі сяляне, выгнаннікі, злачынцы, усе нездаволеныя рэспублікай. Спендзі гаварыў супроць яе.

Хутка зменшыліся прыпасы. Пачалі гаварыць, што трэба ўсім пайсці на Карфаген і заклікаць на дапамогу рымлян.


∗     ∗

Аднойчы ўвечары, у час вячэры, пачуўся глухі надтрэснуты звон, які паступова набліжаўся, далёка, на ўзгоркаватай раўніне паказалася нешта чырвонае. Гэта былі вялікія насілкі з барвянай тканіны, упрыгожаныя па вуглах пучкамі стравусавых пер’яў. Крыштальныя ланцугі, перавітыя перламі, біліся аб закрыты полаг. За імі ішлі вярблюды, звонячы вялікімі званцамі, вісеўшымі на грудзях; вакол ехалі коннікі, ад падэшвы да самых плеч пакрытыя зброяй з залатой лускі.

Пурпуровы полаг падняўся; на шырокай падушцы ляжала галава з зусім беспачуццёвым, адутым тварам; бровы, быццам дугі чорнага дрэва, злучаліся ля асновы; бліскаўкі золата зіхацелі ў кучаравых валасах і твар быў бляды, быццам абсыпаны таўчоным мармурам. Цела знікала пад скурамі, якія пакрывалі насілкі.

У ляжаўшым чалавеку воіны пазналі суфета Ганона, таго, які сваёй марудлівасцю садзейнічаў паражэнню карфагенян каля Эгацкіх астравоў, а ўсё яго хваленае міласэрддзе, пасля перамогі над лібійцамі пры Гекатомпілі, тлумачылася, як думалі варвары, толькі яго хцівасцю, бо ён прадаў у рабства ўсіх палоннікаў, узяўшы плату сабе, хоць і абвясціў аб іх смерці кіраўнікам рэспублікі.

Насілкі спыніліся, і Ганон, падтрымліваны двума рабамі, хістаючыся, спусціў ногі на зямлю.

Палатняны бінт, як у егіпскай муміі, абвіваў яго ногі, і цела выступала паміж скрыжаваных палос. Жывот выпіраў на ярка-чырвоную куртку, якая пакрывала яго сцёгны; складкі шыі, як падгрудак быка, звешваліся яму на грудзі; размаляваная кветкамі туніка трашчэла пад пахамі. На ім было вязьмо, пояс, шырокі чорны плашч з падвойнымі зашнураванымі рукавамі.